Зборнік дакументаў «Брест. Лето 1941 г. Документы. Материалы. Фотографии», падрыхтаваны нямецкім дасьледчыкам Крысьціянам Ганцэрам сумесна з берасьцейскімі гісторыкамі, выклікаў бурную і зусім не адэкватную рэакцыю нашага музейна-ідэалагічнага афіцыёзу з Музею абароны Берасьцейскай крэпасьці, што толькі прыцягнула дадатковую цікавасьць да гэтай сапраўды каштоўнай працы.
Узорна з навуковага пункту гледжаньня падрыхтаваны зборнік (723 с.) упершыню ўводзіць у навуковы зварот шырокі сьпектар крыніц, якія датычаць падзеяў, што адбываліся ў Берасьці і крэпасьці ў чэрвені - ліпені 1941 г. Укладальнікі зборніка (Крысьціян Ганцэр, Ірына Яленская, Алена Пашковіч, Яўген Разенблат, Сяргей Струнец) робяць даступнымі многія дакументы і матэрыялы, найбольш важныя для разуменьня падзей пачатковага перыяду вайны. Асабліва каштоўнымі ёсьць дакументы з нямецкіх архіваў, падрыхтаваныя Крысьціянам Ганцэрам. Укладальнікі зборніка падрыхтавалі вялікі даведачны апарат з грунтоўнымі каментарамі, які дазваляе лепш зразумець дакументы, якія друкуюцца.
Надзвычай цікавымі для берасьцейцаў зьяўляюцца шматлікія фотаздымкі з нямецкіх архіваў і прыватных збораў, якія ілюструюць падзеі ў Берасьці ўлетку 1941-га.
Для многіх берасьцейцаў малавядомай старонкай у гісторыі горада зьяўляецца зьнішчэньне 4000 мужчынаў-габрэяў у першы месяц вайны. Таму цікавым ёсьць ня толькі матэрыял Крысьціяна Ганцэра «Сталина длинная тень. Плен как ключевая проблема историографии обороны Брестской крепости», які выклікаў вялікую незадаволенасьць у кіраўніцтва Музея абароны крэпасьці, але і дасьледаваньне Бернда Рабіонэка «В начале конца. 307-й полицейский батальон в Бресте, лето 1941 г.».
Прэзентацыя кнігі «Брест. Лето 1941 г. Документы. Материалы. Фотографии» адбылася 27 лютага 2016 году ў Берасьцейскай абласной бібліятэцы імя М. Горкага пры запоўненай залі. Многія потым выказвалі шкадаваньне, што прапусьцілі гэтую падзею, бо не заўважылі яе рэкламы.
Найперш я шчыра зьдзівіўся, што ніхто з уладаў не забараніў абласной бібліятэцы праводзіць гэтую прэзентацыю! Кіраўніцтва абласной бібліятэкі — малайцы, што не пабаяліся, хоць, ведаю ад іх, што вельмі хваляваліся перад пачаткам прэзентацыі і падчас яе. Шчырая падзяка ім, што добра спаўняюць сваю функцыю — установы культуры.
Я наогул наіўна думаў (пэўна, і многія), што будзе цікавая дыскусія НАВУКОЎЦАЎ і краязнаўцаў, якія ў тэме добра арыентуюцца.
О, якія гэта былі баі за крэпасьць супраць "нямецкіх акупантаў" у абласной бібліятэцы з боку нашых ідэалагічна правераных кадраў з Музею абароны крэпасьці! Гэта трэба было чуць! Што яны несьлі!
Найперш пра кнігу і сваю працу над ёй расказалі Крысьціян Ганцэр і яго берасьцейскія калегі-гісторыкі.
Загадзя было вядома для аўтараў зборніка, што кіраўніцтва Мемарыяльнага комплексу абавязкова будзе на прэзентацыі ў бібліятэцы і адназначна пажадае ўступіць у рашучы бой з гэтым нахабным нямецкім акупантам Ганцэрам (з ім у іх даўнія рахункі), пісаніна якога "подрывает наші устоі", а он сам "перепісывает історію". Таму, каб паказаць асаблівую каштоўнасьць і актуальнасьць гэтага, фактычна ПЕРШАГА сапраўды навукова падрыхтаванага беларускага выданьня, прысьвечанага абароне крэпасьці ў 1941 г., былі запрошаныя выступіць вядомыя і аўтарытэтныя сьпецыялісты па гэтай тэме: кандыдаты гістарычных навук Сяргей Новікаў з Менску і Ўладзімір Здановіч з Берасьця. Яны ўзважана, спакойна, па-навуковаму далі ацэнку ВЫДАТНАЙ і ВЕЛЬМІ ВАЖНАЙ працы, як яны сказалі, адзначылі яе моцныя бакі, зрабілі некаторыя крытычныя заўвагі і свае пажаданьні. Разумею цяпер, дзеля чаго такім доўгім і менавіта з раздрукаванага тэксту быў выступ афіцыйнага рэцэнзента кнігі С. Новікава, імя якога пазначана ў выходных дадзеных зборніка. (Важнасьць такой формы выступу гісторык адразу падкрэсьліў).
Як усе пачулі і пераканаліся пазьней, у пасьледній рашыцельный бой сапраўды ўступілі ідэалагічна правераныя кадры з мемарыялу «Брэсцкая крэпасьць». Іх выступы атрымаліся настолькі адыёзныя і псеўданавуковыя на фоне выступаў прафесійных гісторыкаў, што проста выклікалі ў рэшце гучны сьмех у нармальных людзей. Бо гэта быў яшчэ той, чыста ідэалагічны, пафас з боку нам. дырэктара па навуковай працы мемарыялу Ларысы Бібік і, асабліва, у кіраўніка гэтай установы сп. Рыгора Бысюка. Трэба разумець, як афіцыйная пазіцыя музею абароны крэпасьці Р. Бысюком быў зачытаны гнеўны абвінаваўчы акт — ліст ветэрана, сына абаронцы крэпасьці, які нібыта пасьпеў прачытаць 723-старонкавую працу. (Самі аўтары толькі на прэзентацыі атрымалі друкаваныя асобнікі кнігі!). У зачытаным лісьце быў дадзены належны адлуп, дзе былі ўзгаданыя і «загнівающій Запад», і «всякіе развратнікі і гомосексуалісты, которыя процветают там», і «девушкі, которых у ніх теперь в городах прямо на уліцах насилуют», і іншая ахінея. Нічога ня скажаш — моцны навуковы аргумент у дыскусіі гісторыкаў вакол падзеяў 75-гадовай даўніны — слова «сына абаронцы крэпасьці». А можна ж было яшчэ далучыць і ліст «дачкі афіцэра» або «салдацкай удавы-маці».
Калі толькі пачала свой выступ намесьніца дырэктара па навуковай працы мемарыялу Ларыса Бібік, яна выдала адну кароткую, але вельмі сымбалічную па сваёй дзікасьці фразу, якая мяне спачатку моцна насьмяшыла. (Я ж думаў, будзе дыскусія навукоўцаў, а тут — шоў!) Прагучала з яе вуснаў: «ГРАЖДАНІН Ганцэр»! У мяне адразу вырваўся ехідны каментар: «Выглядае, мы нібы на нейкае судзілішча трапілі». Паслухаўшы, што было далей, разумееш, што ўсё было добра прадумана і невыпадкова. Гэта ж дзікунства, саўковае хамства зьвяртацца так да прафесійнага гісторыка ды яшчэ і з ЧУЖОЙ краіны — «гражданін»!
І сапраўды, далей гэта было нейкае сталінскае судзілішча з боку прадстаўнікоў музею абароны крэпасьці, якія прыйшлі зачытаць вердыкт падсуднаму гражданіну Ганцэру. Баі разгарэліся і за "месячную" гераічную абарону, і за колькасьць палонных абаронцаў крэпасьці (а іх былі тысячы ўжо ў першыя дні), і за тое, што гэта "ніколі" не замоўчвалася. Галоўны аргумент — «вы не понімаете нашей ментальності», «занімаетесь дегероізаціей», і наогул Крысьціян Ганцэр шмат чаго напрыдумляў. Ад гэтага было і сьмешна, і сумна. Бо яскрава сьведчыць пра ўзровень і стаўленьне да сапраўднай гістарычнай навукі з боку кіраўніцтва музею абароны крэпасьці. Галоўнае — яны ж самі сябе прыпазорылі!
Многіх уразіла таксама тэрміналогія з вуснаў дырэктара мемарыялу ў крэпасьці Р. Бысюка: «мы, русскія люді», «для нас, русскіх», і падобнае. І хоць гэта былі цытаты з ліста сына абаронцы крэпасьці (які маразм — рэцэнзія ад «сына абаронцы»), але з вуснаў дзяржаўнага чыноўніка гэта гучала вельмі двухсэнсоўна, без каментару, і выглядала, што ён проста агучваў пазіцыю сваёй музейнай установы.
Я лічу, той ліст ветэрана, сына абаронцы крэпасьці, варта дзесьці абавязкова надрукаваць і пазначыць, хто дзе, калі і пры якой нагодзе яго зачытаў. Гэта важны дакумент часоў лукашызму і яскравае сьведчаньне ўзроўню «навуковых» падыходаў і аргументаў ад музею абароны крэпасьці. Проста выдатнае пацьвярджэньне тэзы К. Ганцэра. Саўковая ментальнасьць і «Сталина длинная тень» — па-ранейшаму ключавая праблема ў працы кіраўніцтва Музею абароны Берасьцейскай крэпасьці.
Ня сорамна было толькі за спакойны, вельмі інтэлігентны, па-чалавечы шчыры, з болем за пакалечаныя лёсы абаронцаў крэпасьці (і хіба незапланаваны) выступ ужо старэнькай спн.Тацяны Ходцавай — адной з стваральніцаў музею абароны Берасьцейскай крэпасьці, якая шукала жывых абаронцаў крэпасьці, запісвала ў 1957 г. і рыхтавала да друку яшчэ непадчышчаныя іхнія ўспаміны.
Вельмі характэрным быў момант зусім кароткай дыскусіі, калі прыгадалі шыльду ў памяць камісара Фаміна на Холмскай браме. Яна ўтрымлівае памылкі, якія многія бачаць (забілі Фаміна ня там, і не тады) і ад гэтага ў людзей толькі недавер да ўсяго, што кажуць экскурсаводы музею.
Дык вось што на гэта пакрыўджана сказала музейшчыца (намесьніца дырэктара па навуковай працы): «А что вы предлагаете?! Убрать?! Куда?!» Добра ёй было адказана: «Так вы хоть бы ошібкі ісправьте!»
Наогул абвешчанай на пачатку прэзентацыі дыскусіі і пытаньняў да ўкладальнікаў зборніка як такой фактычна не атрымалася — усё зацягнулася і самая цікавая частка зьвялася да 3-4 выступаў у стылі «хутчэй-хутчэй, заканчваем, і так ужо больш за тры гадзіны гаворым».
Да таго ж, «баі за крэпасьць» былі моцна абвастрыліся пасьля таго як першым пасьля навукоўцаў выскачыў з агрэсіўным выступам нейкі мужчына з саўковымі поглядамі, які назваў сябе «старажылам, сынам бібліятэкаркі» і гучным басам закляйміў падкопы «чуждых нам» «прозападных ліберальных історіков». :) Тут быў яўны пракол вядоўцы — рэдактара «Брестского курьера» сп. Мікалая Аляксандрава. Ня трэба было даваць ніякіх 4 хвілінаў ДЛЯ ВЫСТУПАЎ з залі, павінны былі быць адно ПЫТАНЬНІ да ўкладальнікаў зборніка. Тады б магла быць цікавая дыскусія навукоўцаў і краязнаўцаў — знаўцаў тэмы, тых, хто шукае гістарычную праўду, вырашае канкрэтныя пошукавыя задачы на тэрыторыі крэпасьці.
Сумна, бо даўно час усебакова і па-навуковаму разглядаць баі за крэпасьць і горад улетку 1941-га, а не займацца звычайнай публіцыстыкай такой нібыта навуковай установе як Музей абароны Берасьцейскай крэпасьці. А ў нас там некаторыя ўсё яшчэ вядуць баі з нямецка-фашысцкімі захопнікамі... Хоць вайна ўжо даўно скончылася.
Дарэчы, выданьне гэтага зборніка з такой вялікай колькасьцю дакументаў з нямецкіх архіваў пра баі ў Берасьці і крэпасьці ў 1941-ым павінна было б стаць добрым стымулам для тых, хто хоча даць «отпор проіскам» Крысьціяна Ганцэра. На прэзентацыі з вуснаў нашых навукоўцаў прагучала, што многія савецкія дакументы пра крэпасьць і лета 1941-га знаходзяцца ў расейскіх архівах і па-ранейшаму недасьледаваныя, бо недаступныя. Вось жа хай бы навуковыя супрацоўнікі Музею абароны крэпасьці вырашэньнем гэтай праблемы і заняліся б. Тым больш, што сам Крысьціян Ганцэр ня раз паўтарыў: я гатовы прыслухоўвацца да любой навуковай крытыкі, з цікавасьцю вазьму да ўвагі новыя, дагэтуль недаступныя і неапублікаваныя савецкія дакументы з архіваў.