Ślady niedabitaha jaćviaha (jacviah) wrote,
Ślady niedabitaha jaćviaha
jacviah

Пра а. Вячаслава Аношку

Знайшоў некаторыя раней адсутныя біяграфічныя зьвесткі пра жыцьцё беларускага каталіцкага сьвятара візантыйскага абраду а. Вячаслава Аношку, якія зьмясьціў у Вікіпэдыі.

Вацлаў Аношка, Вячаслаў Аношка (14 сакавіка 1899[1] в. Паплаўшчына (сёньня — Заводзкаслабодзкі с/с Магілёўскага р-ну Магілёўскай вобл. — 18 лютага 1966, в. Рабэрцін, гміна Пясэчна Мазавецкага ваяводзтва, Польшча) — беларускі каталіцкі сьвятар візантыйскага абраду.

Сям’я

Паходзіў з заможнай беларускай каталіцкай сям’і з уніяцкімі каранямі з в. Паплаўшчына пад Быхавам. Бацька — Якуб, сын Пятра Аношкі, нарадзiўся ў 1873 годзе, мацi — Камiлiя, дачка Язафата, 1875 г. нар. Сям’я Аношкаў была парафіянамі рыма-каталіцкага касьцёлу ў Быхаве.[2] Бацьку сьвятара Якуба Аношку 13 кастрычніка 1938 году расстралялі ў Менску як “удзельніка шпіёнскай дыверсійнай рэзідэнтуры”.[3]

Адукацыя і духоўная фармацыя

Атрымаў гімназійную адукацыю. Вучыўся ў Менскай духоўнай каталіцкай семінарыі пасьля эвакуацыі яе ў Кельцы (Польшча).

Высьвячаны на каталіцкага сьвятара лацінскага абраду біскупам Пінскім Зыгмунтам Лазінскім 1 лістапада 1924 году ў Наваградку.

Яшчэ падчас навучаньня ў семінарыі зацікавіўся справай адраджэньня Уніі. У 1924 годзе студыяваў тэалогію ў Місійным інстытуце ў Любліне. У 1924, падчас студыяў у Любліне, Вацлаў Аношка на пэўны час выязджаў у Галічыну, у грэка-каталіцкі манастыр айцоў-студытаў ва Уніве, дзе атрымаў усходнюю фармацыю. У 1926 годзе, пасьля падрыхтоўкі ва Ўсходняй місіі айцоў-езуітаў у Альбярціне атрымаў права на служэньне ва ўсходнім абрадзе. У Пінскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі ён першы перайшоў на ўсходні абрад.

Душпастырская праца

Напачатку працаваў вікарыем у рымска-каталіцкай парафіі ў Ляхавічах Баранавіцкага павету, а таксама працаваў там школьным прэфектам. У Ляхавічах адразу засьведчыў сваю беларускасьць, заахвочваючы вернікаў, асабліва дзяцей і моладзь, да споведзі на роднай мове, каб яны не саромеліся ды не цураліся беларускай мовы ў сваім штодзённым жыцьці.[4]

З 1926 году а. Вацлаў Аношка служыў парахам уніяцкай парафіі ў мясцовасьці Альпень каля Давыд-Гарадка, куды шматразова прыязджаў прапаведаваць на місіі ягоны сябар — беларускі каталіцкі сьвятар Пётар Татарыновіч. Працуючы сярод вернікаў славяна-візантыйскага абраду, сваё лацінскае імя а. Аношка падаваў ва ўсходняй форме — Вячаслаў і гэтак яго заўсёды называлі вернікі-ўніяты.

У Альпені ён пабудаваў грэка-каталіцкую капліцу сьв. Язафата, арганізаваў сялянаў на асушэньне забалочаных зямель, стварыў аркестар, у якім было 16 духавых інструментаў, які граў на царкоўных сьвятах і іншых урачыстасьцях. Больш за 10 чалавек з уніяцкай парафіі ў Альпені пад яго ўплывам пайшлі вучыцца ў малыя семінарыі ў Любешаве і Ломжы[5]. Праводзіў актыўную і пасьпяховую місійную дзейнасьць, заснаваў таксама яшчэ адну ўніяцкую парафію на Століншчыне на Мярлінскіх хутарах.

Беларускі каталіцкі сьвятар усходняга абраду а. Язэп Германовіч, вядомы таксама як беларускі пісьменьнік Вінцук Адважны, пасьля таго, як асабіста пабываў у Альпені і пазнаёміўся з душпастырскай працай айца Вячаслава Аношкі, прысьвяціў яму паэму “Унія на Палесьсі” (Альбярцін, 1932).[6]

З 1934 да 1944 году служыў у каталіцкай парафіі славяна-візантыйскага абраду ў Далятычах на Наваградчыне, дзе стварыў выдатны царкоўны хор (некаторыя з харыстаў пазьней нават трапілі ў хор Рыгора Шырмы).

Асабіста жыў вельмі сьціпла, а часам нават бедна — усё імкнуўся аддаць людзям і, асабліва, дзецям[7]. “Хоць афіцыйна ён ня быў манахам, аднак у прыватным сваім ладзе і ў публічным жыцьці — у сэнсе самаахвярнасьці — перавышаў усякіх асцэтаў. Нічога не ўважаў за сваё: найбольш патрэбную сабе рэч ён без ніякага сумніву і з радасьцяй аддаваў другім. [...] Можна быць пэўным, што Хрыстовы іспыт на Божым Судзе выпадзе Аношцы роўна зь вялікімі Сьвятымі”, — пісаў пра айца В. Аношку беларускі марыянін а. Язэп Германовіч.[8] Жыхары Альпеня, якія ведалі айца Аношку, нават праз паўстагоддзя з вялікай пашанай і ўдзячнасьцю ўзгадвалі яго імя: “Сьвяты быў чалавек! Шчыры беларус. Такога сьвятара ў нас больш ніколі не было! Ды й ці будзе калі?”[9].

Прыхільнік Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Выступаў за адкрыцьцё беларускіх школ. Выкладаў у школе Закон Божы і зьвяртаўся да вернікаў на беларускай мове, распаўсюджваў беларускія хрысьціянскія выданьні, вучыў вернікаў беларускім сьпевам, ладзіў для іх тэатральныя пастаноўкі і ўсяляк спрыяў росту нацыянальнай самасьвядомасьці ў тых парафіях, дзе служыў. У рапартах і справаздачах польскай паліцыі, якая пільна сачыла за любымі праявамі нацыянальнага жыцьця ў Палескім ваяводзтве, душпастырская дзейнасьць а. Вацлава Аношкі рэгулярна ўзгадвалася як прыклад “шкоднай нацыяналістычнай дзейнасьці”.[10]

Дзейнасьць у час вайны

Айцец Вячаслаў Аношка зьяўляўся сябрам Рады створанага ў верасьні 1939 Беларускага Экзархату Грэка-Каталіцкай Царквы.

На пачатку нямецкай акупацыі Беларусі часта выязджаў у Менск да свайго блізкага сябра кс. Пятра Татарыновіча і кс. Станіслава Глякоўскага, які ў той час служыў у касьцёле сьв. Сымона і Алены. На плябаніі пры касьцёле разам з імі ды іншымі беларускімі каталіцкімі сьвятарамі Дзянісам Мальцам, Казімерам Рыбалтоўскім, Вінцэнтам Гадлеўскім абмяркоўваў планы адраджэньня рэлігійнага жыцьця ў Менску і беларусізацыі набажэнстваў. Падчас паездак у Менск служыў пераважна ў лацінскім абрадзе.[11]

Перад Вялікаднем 1944 году савецкія партызаны хацелі расстраляць сьвятара, аднак за яго заступіліся мясцовыя жыхары.[12] Таму перад прыходам Саветаў ён вымушаны быў зьехаць у Польшчу.

Паваенны лёс

У паваенны час зьяўляўся капеланам у Сясьцёр Францішканак Сям’і Марыі ў Хыліцах і Рабэрціне пад Варшавай (гміна Пясэчна, парафія сьв. Роха ў м. Язгажэў / Jazgarzew). Увесь час імкнуўся атрымаць дазвол, каб выехаць на Захад з камуністычнай Польшчы ў які-небудзь беларускі асяродак, каб служыць беларусам. Аднак улады так і не далі яму такой магчымасьці. Фактычна да сваёй сьмерці трымаў лістоўную сувязь з сваімі былымі парафіянамі-ўніятамі ў савецкай Беларусі, падтрымліваў іх духоўна.

У верасьні 1959 году а. Вацлаў Аношка сярод іншых склаў у Варшаве свае сьведчаньні для беатыфікацыйнага працэсу адносна Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага, біскупа Пінскага, якога добра ведаў на працягу 13 гадоў з 1918-га да яго сьмерці ў 1932 годзе.[13]

Памёр 16 лютага 1966 году. Пахаваны на могілках у Рабэрціне, каля мясцовасьці Пясэчна, у непасрэдным суседзтве ад Варшавы, на поўдзень ад яе.

Крыніцы


  1. ^ Cardinali Paulo Giobbe. Beatificationis et canonizationis Servi Dei Sigismundi Lozinski, episcopi Minscen. et Pinsken. Positio super causae introductione. — Romae, Typis Pont. Universitatis Gregorianae, 1968. P. 268-269.

  2. ^ Cardinali Paulo Giobbe. Beatificationis et canonizationis Servi Dei Sigismundi Lozinski, episcopi Minscen. et Pinsken. Positio super causae introductione. — Romae, Typis Pont. Universitatis Gregorianae, 1968. P. 268-269.

  3. ^ Оношко Яков Петрович / Жертвы политического террора в СССР

  4. ^ [Ліст Ванды Чарнэцкай-Махнач з Чыкага] // Царква, № 2(25), 2000, с. 15.

  5. ^ Ігар Бараноўскі. Анастасія Ільіна. «Памяць праведніка жыць будзе вечна» // Царква, № 4(39), 2003, с. 12-14.

  6. ^ Вінцук Адважны. «Унія на Палесьсі»

  7. ^ Лісты грэка-католікаў // Царква № 3-4(7-8), 1996, с. 21, 24.

  8. ^ а. Я. Г. Мае прыяцелі — В. Аношка // Божым шляхам, сакавік-красавік, 1966, № 2 (95), с. 10-11.

  9. ^ Ігар Бараноўскі. Анастасія Ільіна. «Памяць праведніка жыць будзе вечна» // Царква, № 4(39), 2003, с. 12-14.

  10. ^ Да 100-х угодкаў айца Вацлава Аношкі // Царква, № 4(23), 1999, с. 12.

  11. ^ Трагізм і загадкавасьць лёсаў. Да гісторыі беларускага каталіцкага душпастырства ў Менску // Юры Туронак. Мадэрная гісторыя Беларусі. — Вільня, Інстытут беларусістыкі, 2006, с. 423.

  12. ^ а. Я. Г. Мае прыяцелі — В. Аношка // Божым шляхам, сакавік-красавік, 1966, № 2 (95), с. 10-11.

  13. ^ Cardinali Paulo Giobbe. Beatificationis et canonizationis Servi Dei Sigismundi Lozinski, episcopi Minscen. et Pinsken. Positio super causae introductione. — Romae, Typis Pont. Universitatis Gregorianae, 1968. P. 268-272.

Tags: БГКЦ, Заходняе Палесьсе, Польшча, Унія, а. Аношка Вячаслаў, беларускае, грэка-католікі, уніяты
Subscribe

Posts from This Journal “БГКЦ” Tag

  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 0 comments