?

Log in

No account? Create an account

Previous Entry | Next Entry

Іван ЦЬВІКЕВІЧ
(лістапад 1891 г. – 1 жніўня 1938 г.)
Медык, беларускі грамадзкі і навуковы дзеяч, публіцыст.
Выкарыстоўваў псеўданімы Іван Трызна, І.Яцьвяг


Нарадзіўся ў Берасьці ў сям’і фельчара Івана Цьвікевіча, які працаваў у чыгуначнай лякарні. Меў старэйшага брата Аляксандра Цьвікевіча, які стаў прэм’ер-міністрам БНР і якому быў паплечнікам. Як і брат, вучыўся ў мужчынскай гімназіі ў Берасьці (цяпер у гэтым будынку адзін з карпусоў БрДУ імя А.Пушкіна). У 1914 г. скончыў медычны факультэт Варшаўскага ўніверсітэту.

Жывучы ў Маскве, доктар Іван Цьвікевіч разам з братам А.Цьвікевічам быў сярод кіраўнікоў мясцовай арганізацыі Беларускай сацыялістычнай грамады, актыўна працаваў у складзе Цэнтральнага беларускага бежанскага камітэту, які аб’ядноўваў беларускіх уцекачоў, што жылі ў розных кутках Расеі. Спрычыніўся да стварэньня ў Маскве Беларускай народнай грамады.

У 1917-1921 гг. мабілізаваны ў Чырвоную Армію, дзе служыў дывізіённым лекарам. У 1920 дывізія, у якой ён служыў, была інтэрнавана ў Германіі. У 1921-1923 гг. працаваў у Берліне ў савецкім пасольстве ў Германіі, падтрымліваў кантакты з дзеячамі БНР. У 1924 пераехаў у Менск. Зьяўляўся членам калегіі Наркамату аховы здароўя БССР, працаваў загадчыкам аддзелу ў Белдзяржвыдавецтве.

Доктар Іван Цьвікевіч быў сярод тых, хто першым узяўся распрацоўваць беларускую медычную тэрміналогію. Разам з вядомымі дзеячамі БНР В.Ластоўскім і К.Дуж-Душэўскім Іван Цьвікевіч у 1923 годзе падрыхтаваў першы беларускамоўны падручнік у галіне медычных ведаў – “Фізыолёгія і анатомія чалавека” (перакладзены ім з расейскай), які прызначаўся для школ і які быў выдадзены Бюро па ўкладаньні і перакладах падручнікаў на беларускую мову пры Народным Сакратарыяце Асьветы БНР.

З 1924 г. ён узначальваў Медычную секцыю Інбелкульту (з 1928 г. – у складзе Інстытуту навуковай мовы Беларускай Акадэміі навук) і Тэрміналагічную камісію пры ёй. Плёнам працы камісіі яго кіраўніцтвам стала праца, выдадзеная ў 1926-1929 гг.,– “Nomina Anatomica Alborutenica – Анатамічныя назвы” (у 3-х тамах). Была распачата таксама праца над фізіялагічнай і інфекцыйнай тэрміналогіямі, але яна не была скончана і засталася ў рукапісах.

Іван Цьвікевіч – аўтар гістарычнага нарысу “Канстантын Каліноўскі”, які быў надрукаваны пад псеўд. Іван Трызна ў часопісе ўраду БНР “Беларускі сьцяг” у 1922 г. Гэта был адна з першых прац пра кіраўніка паўстаньня 1863 г. у Беларусі, у якой абгрунтоўвалася думка пра К.Каліноўскага як сьвядомага змагара за незалежнасьць беларускага народу. Іван Цьвікевіч займаўся таксама перакладамі мастацкіх твораў на беларускую мову (Рабіндранат Тагор і інш.).

У канцы 1929 г. падчас “чысткі” кіруючых органаў БССР ад нацдэмаў не пабаяўся на адкрытым сходзе ў Наркамаце асьветы выступіць у абарону першага старшыні ўраду БССР, беларускага пісьменьніка Зьмітра Жылуновіча. Гэтая мужная пазіцыя была кваліфікаваная сталіністамі як “чарговая вылазка беларускага нацыянал-дэмакратызму” і ў хуткім часе адгукнулася рэпрэсіямі супраць яго самога.

Доктар Іван Цьвікевіч быў арыштаваны 18 ліпеня 1930 г. па сфабрыкаванй справе “Саюзу вызваленьня Беларусі”. Асуджаны 10.04.1931 г. на 5 гадоў лагераў. Пакараньне адбываў у Нарыме, зьяўляўся начальнікам санчасьці Нарымлага. Затым пасяліўся ў г. Усьць-Канск Алтайскага краю, дзе працаваў лекарам у раённай бальніцы. Паўторна арыштаваны 05.03.1938 г. Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 1 жніўня 1938 г. прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР 19.09.1960.

“Берасьцейцы — дзеячы БНР (90-ыя ўгодкі БНР)”.
Камплект з 10 паштовак у вокладцы (З серыі “Славутыя постаці Берасьцейшчыны”).
Берасьце: Бібліятэка Старога Гораду, 2008. - 250 ас.

Адказная за выпуск: Анастасія Ільіна. Аўтар тэкстаў: Ігар Бараноўскі. Дызайн: Алег Малейка.

Posts from This Journal by “БНР” Tag

Latest Month

November 2018
S M T W T F S
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930 

Profile

jacviah
Ślady niedabitaha jaćviaha
Ślady niedabitaha jaćviaha

Tags

Powered by LiveJournal.com
Designed by yoksel